28

марта

Розмова Андрія Гончарука з Алєсем Плоткою (Baisan)

- Алєсь, ти переклав книгу Івана Семесюка «Еволюцію або смерть! Пригоди павіана Томаса» білоруською мовою. Навіщо ти це зробив?

- Так атрымалася, што мы знаёмыя яшчэ з першага Майдану, але з вялікімі перапынкамі. Я кажу звычайна, што гэта з часоў, калі Іван проста маляваў коцікаў. Гэта адразу тлумачыць даўнасць тым, хто ў тэме, ну а для ўсіх астатніх проста мілата «ой, нешта пра коцікаў». Быў перыяд вольнага часу, люты 2016-га, і я аператыўна пераклаў «Томаса», каб паказаць землякам, што можна пісаць проста, цынічна і ў той жа час па справе. Жорстка і трапна рэфлексаваць яву. Праз год выйшла кніга, таксама ў лютым. Лепшай канцэпцыі супрацы з выдавецтвам «Люта Справа» нельга і прыдумаць.

- Як сприйняли Семесюка й книжку в Білорусі? Чи затребуваний пераклад в Україні?

- Нас нават нідзе не забаранілі ні ў выступах, ні ў продажах, таму можна сказаць, што гэта фіаска. У Беларусі, ведаеце, трэба быць забароненым, такая склалася традыцыя лакальная (смяецца).

«Томас» па-беларуску быў прэзентаваны на «Кніжным Арсенале» і «Львоўскім форуме», на апошнім было дужа душэўна — паўнюткая заля ў «Тэатры піва», адзін з самых энергетычных выступаў у маім жыцці. Пачыталі, пасмяяліся ў правільнай атмасферы без пафасу. Акрэслілася нават пэўнае ядро аўдыторыі ва Ўкраіне — людзі, якія набываюць кнігу для сяброў-беларусаў, а потым у іх страляюць пачытаць. Мы выклалі главу пра феміністак ў інтэрнэце і відэа чытання фрагмента пра мастакоў, каб можна было зразумець, як гэта гучыць. Некаторыя ўкраінцы спачатку не ўпэўненыя, ці дадуць рады прачытаць беларускі тэкст, але потым уцягваюцца.

У Беларусі была адна прэзентацыя, на ўсходзе краіны, ў Гомелі, потым быў Чарнігаў. Гэта патэнцыйны беларускі Данбас і радасна, што ўсё прайшло без эксцэсаў. Таксама Прылуцкі чытаў хуліганскія дзіцячыя вершы, чаго ў Гомелі раней не здаралася: двайны дэбют значных літаратараў у буйнейшым рэгіянальным цэнтры.

Прымаюць добра, такой цынічнай літаратуры ў нас востры недахоп, акрамя Падэрвянскага ніхто добра і невядомы. Рэаліі кнігі зразумелыя, праблемы ў нашых краінах дужа падобныя, хоць і не аднолькавыя. Мінімальны працэнт герояў кнігі беларусу трэба дагугліць, каб зразумець, пра што вядзецца. Але сакральныя веды пра тое, хто такі «крывавы пастар», яны ж карысныя любому чалавеку, на іх базе нават замовы ад зубоў можна ствараць (смяецца).

Быў важны для мяне асабісты водгук Наталкі Бабінай, актывісткі ўкраінскага руху ў Беларусі, чалавека ў кантэксце. Яна счытала тыя перакладчыцкія вольнасці, якія былі створаныя дзеля таго, каб трошку «абеларусіць» змест. Па-за выданнем застаўся толькі выраз «пушкінісцкі падсрачнік», пра яго я расказваю на жывых сустрэчах. Гэта адзін з сімвалаў загадкавай беларускай душы, пра які не пішуць у турыстычных праспектах.

- Що ще перекладаєш з української, крім Семесюка та пісень Vopli Vidopliassova й Nokturnal Mortum?


- У 2017-ым была перакладзеная свежая кніга вершаў Юрка Іздрыка «Папяросы». Пераклад быў адобраны аўтарам, пасля чаго Іздрык паспяхова выпіліўся з фэйсбука -- можна сказаць, дакурыліся на памежным пераходзе. Пераклад мае назву «Пятка беларуская», чытачу прапануецца зацягнуцца папяроскамі Іздрыка праз фільтр, пятку беларускага пераклада. Макс Шчур дапамог з рэдакцыяй, была пакінутая толькі адна інтэртэкстуальная вольнасць і адзін жарт. Вершы з кнігі былі сыграныя з імправізатарамі Бубенам і Нарушэвічам у дворыку музея Азгура летам. Вынік можна глядзець на ётуб, слухаць на саўндклаўд, частка вершаў была апублікаваная ў гарадскім часопісе Большой. Калі рэдактар Навіцкі атрымаў вершы, то так натхніўся Іздрыкам, што чытаў іх для супрацоўнікаў рэдакцыі ўслых. Цяпер і сярод шматтысячнай аўдыторыі часопіса зявяцца новыя чытачы майго любімага ўкраінскага паэта.

Была перакладзеная нізка паэткі і мастачкі Анжэлы Багачэнка. Таксама сыграная ўжывую, з Нарушэвічам, лідарам культавага імправізацыйнага гурта «Князь Мышкін». Там ёсць адзін з рэдкіх вершаў, які мяне прашыбае проста да дрыжыкаў, хоць такую снобскую істоту, як усходнік, які займаецца грамадскім і палітычным піярам, даўно нічога не бярэ.

Па меры сілаў выкладаем запісы на ётубчык, была публікацыя ў часопісе «Маладосць».

- Чи популярна в Білорусі українська література?

- Шырокія масы ведаюць топаў: Жадана, Андруховіча, але рэдка калі Іздрыка, Прахаську, Забужку. Перакладчыцкая супольнасць кіруецца найперш дзвюма рэчамі: грошамі і грошамі. Перакладаецца тое, за што плацяць замежныя нацыянальныя інстытуцыі, напрыклад шведскія і чэшскія, ці тое, што ўжо даўно перакладалася на рускую мову, мае папулярнасць і гэта патэнцыйна хутка раскупіцца. А ўжо потым -- усё астатняе.

У склаўшайся сітуацыі мы, на жаль, губляем сінхранізацыю перакладаў з тым, што сёння пульсуе ў літаратуры бліжэйшых суседзяў: украінцаў і палякаў. Яно перакладзецца гадоў праз дзесяць. Мяне гэтая затрымка не дужа радуе, але раблю што магу. Натуральна, ёсць колы ўкраінафілаў, як і ва Украіне -- беларусафілаў. Вось з імі абменьваемся кнігамі, раімся ў перакладах, робім супольныя захады.

- Доля й реалії Білорусі та України: які вони?

- Не хочацца громкіх словаў пра братэрства, бо яно ў малых простых рэчах і дзеях. Я гляджу на сённяшні стан нашых краінаў не з пазіцый палітычных, як у нас любяць, а з гуманітарных. Краіны-сёстры перажываюць крызіс, Ўкраіна губляе тысячы жыццяў на вайне, ў Беларусі тыя ж тысячы людзей проста співаюцца ад безнадзейнасці і мруць ад тлустай і цукровай ежы. Розныя шляхі да ўніверсальнай смерці, якой паболела ў нашых жыццях.

- Що і де можна почитати з твоєї творчості?

- Засталося працэнтаў пяць тыража кнігі вершаў «Байсан», вакол якой усчыніліся ажна два скандалы: адзін з вокладкай, а другі — з прэміяй «Дэбют». Кніга — экскурс у жыццё і станаўленне аўтара з самага пачатку кареры ў нулявых. Яна складзеная супраць правілаў беларускай літтусоўкі, дзе дэбютанту належыць выдаць занядбаны танюсенькі праспекцік, лепш адразу на мяккае паперы і ў форме рулона (смяецца).

- За апошнія гады ўсё неблагое выйшла ў культавым інтэрнэт-часопісе «Літраж». Можна слухаць альбомамі з тымі ж Бубенам і Нарушэвічам: Bulbahuana i «Швецкі альбом» і толькі з Бубенам: Skweee Belarus i Iamb’n’bass. Ужо накапілася й на другую кнігу. Можа быць, выдам у гэтым годзе.

- Ага, ми тут твою книжку віршів акурат тримаємо в руках. Рощзтлумач нарешті, ти все таки фемініст чи хто?
- Думаю, што чуткі пра «баявога слана беларускага фемінізма» значна перабольшаныя (смяецца). Гэта ўсё з-за вокладкі. Калі кніга была выдадзеная, а на ёй намаляваны беларускі гістарычны герб «Пагоня» толькі з дзяўчынай замест конніка, называецца «Вершніца». Узняўся ў Беларусі вялікі вэрхал. А адзін мастак нават гразіўся падаць на мяне ў суд за «дэсакралізацыю» святой беларускай выявы. Такіх называюць сакралапітэкамі, але пра гэта я даведаўся ўжо перакладаючы Сэмесюка. Вось такая метафізіка.

Андрій Гончарук

напишикомментарий